Skip to content Skip to main navigation Skip to footer

Максім Якушкін, .NET developer SoftTeco: “Практычны вопыт мае каштоўнасць”

Максім Якушкін, .NET developer SoftTeco: "Практычны вопыт мае каштоўнасць"

Многія выпускнікі лічаць універсітэт сваёй alma mater. Ці можаш ты сказаць тое ж самае пра БДУІР?

Менавіта так, бо падчас навучання ў БДУІР я зрабіўся дарослым чалавекам. Жыццё ў інтэрнаце навучыла мяне самастойнасці, а заняткі ва ўніверсітэце сталі фундаментам для прафесійнага станаўлення. Падчас вучобы ў БДУІР я атрымаў шмат каштоўных ведаў, у гэты час я актыўна развіваўся і як асоба, і як спецыяліст.

Што падштурхнула цябе падаць дакументы для паступлення ў БДУІР?

Я дакладна ведаў, што хачу вучыцца на тэхнічнай спецыяльнасці, але ніяк не мог зрабіць выбар паміж фізікай і праграмаваннем. Пасля шматлікіх роздумаў я ўсё ж такі зразумеў, што ў Беларусі быць праграмістам больш перспектыўна, таму вырашыў паступіць у БДУІР. У мяне таксама была ідэя паступіць на фізічны факультэт у Санкт-Пецярбургу, бо з дыпломам алімпіяды, якая праводзілася пры ўніверсітэце, залічыцца туды даволі проста. У выніку вырашыў не з’язджаць з роднай краіны, да таго ж праграмаванне сапраўды вабіць мяне больш.

Якія ўспаміны засталіся ў цябе пра першыя тыдні навучання ва ўніверсітэце?

Трэба адзначыць, што старэйшыя класы я заканчваў у класе з фізіка-матэматычным ухілам, таму асаблівай змены навучальнай парадыгмы мне адчуць не давялося. Вядома, спачатку было крыху складана перамяшчацца па ўніверсітэце і знаходзіць неабходныя аўдыторыі, але з дапамогай аднагрупнікаў адаптацыя прайшла досыць хутка. Асноўнае ўражанне, якое засталося ў маёй памяці – вялікія лекцыйныя аўдыторыі на 150 чалавек, у школе з чымсьці падобным я не сустракаўся.

Наколькі лёгка табе даваўся працэс навучання?

Асаблівых складанасцяў не было, але некалькі разоў схадзіць на пераздачу ўсё ж такі давялося : ) На самай справе, усе залежыць ад пэўнага прадмета і выкладчыка. Тэхнічныя дысцыпліны ў большасці былі зразумелыя для мяне, а вось з гуманітарнымі цяжкасці сапраўды ўзнікалі, асабліва на пачатковых курсах. Філасофія, сацыялогія – мабыць, камусьці гэтыя прадметы даспадобы, але я дакладна не ўваходжу ў лік гэтых людзей : )

На твой погляд, якія дысцыпліны падчас навучання ў БДУІР спатрэбіліся табе ў прафесіі больш за астатнія?

На першым курсе ў нас быў прадмет “Асновы алгарытмізацыі і праграмавання”. Падчас навучання ў школе я праходзіў большасць тэм з гэтага курса, але нават для мяне было вельмі карысна асвяжыць веды і раскласці іх па палічках. На трэцім курсе я пазнаёміўся з дысцыплінай “Аб’ектна-арыентаванае праграмаванне”, на мой погляд менавіта яна з’яўляецца найбольш значнай і фундаментальнай. Падчас праходжання гэтага курса кожны студэнт мог па жаданню выбраць мову праграмавання (у маім выпадку гэта быў C#), такі падыход прывучае да адказнасці і дае магчымасць пазнаёміцца з рознымі мовамі праграмавання і іх асаблівасцямі.

Ці ёсць нейкія асабістыя якасці, якія ты набыў падчас навучання ў БДУІР?

Напэўна, асноўнай якасцю я б назваў уменне хутка шукаць інфармацыю. Падчас падрыхтоўкі да заняткаў і напісання курсавых прац гэты навык вельмі неабходны, таму я прыкладаў вялікія намаганні, каб ім авалодаць. Акрамя гэтага, універсітэт зрабіў мяне больш дысцыплінаваным і адказным, я навучыўся ашчадна размяркоўваць час і правільна расстаўляць жыццёвыя прыярытэты.

Ці згодзен ты з поглядам, быццам студэнцтва лепшы час у жыцці кожнага чалавека?

Не згодны: на мой погляд, кожны этап у жыцці чалавека з’яўляецца лепшым. Атрымліваць асалоду ад жыцця можна і ў дзіцячым садку, і ў школе, і ва ўніверсітэце, і на працы, і на пенсіі. Безумоўна, падчас студэнцтва кожны чалавек мае ўнікальную магчымасць знайсці новых сяброў і пабудаваць падмурак сваёй даросласці, але лічыць гэты этап самым лепшым несправядліва ў дачыненні да астатніх.

Пасля атрымання дыплома БДУІР ты таксама скончыў завочнае аддзяленне па спецыяльнасці “Менеджэр-эканаміст”. Што падштурхнула цябе да гэтага рашэння?

Я палічыў, што адной толькі пасады радавога праграміста на працягу ўсяго жыцця мне недастаткова, а для стварэння ўласнага бізнесу неабходна валодаць навыкамі кіраўніка. Для мяне вучыцца ў БДЭУ было менш складана, бо на завочным аддзяленні не трэба кожны тыдзень наведваць заняткі. Такая сістэма пакідае шмат вольнага часу, які можна праводзіць як за падрыхтоўкай да сесіі, так і за ўласным жыццём. Адначасова з вучобай у БДЭУ я працаваў праграмістам па спецыяльнасці, і ніякіх асаблівых складанасцей з сумяшчэннем гэтых двух заняткаў у мяне не ўзнікала.

Як абставіны прывялі цябе да работы ў SoftTeco?

Мая гісторыя досыць звычайная: пасля БДУІР я быў размеркаваны ў дзяржаўную арганізацыю. Калі абавязковы тэрмін адпрацоўкі скончыўся, я вырашыў рухацца наперад, таму што было жаданне вывучаць новыя тэхналогіі і атрымліваць больш высокі заробак. У SoftTeco я падаваў заяўку на пасаду “Middle .NET developer”, прыкладна праз тыдзень пасля сумоўя мяне запрасілі на працу. Вядома, я быў вельмі ўсцешаны, таму што працаваць у такой статуснай кампаніі для кожнага праграміста вялікі поспех.

Якія асаблівасці SоftTeco больш за ўсё цябе ўразілі пасля пачатку працы?

Па-першае, у SoftTeco ўсе людзі вельмі адкрытыя, і гэтая якасць ніяк не залежыць ад пасады. Можна спакойна падысці з нейкім пытаннем да дырэктара ці яго намесніка, пры гэтым цябе заўсёды выслухаюць і дадуць падрабязны адказ. Акрамя таго, вялікае ўражанне застаецца ад працоўнай прасторы: офіс абсталяваны па апошнім слове тэхнікі, для супрацоўнікаў прызначаная вялікая кухня, пакой для адпачынку і г.д. Такім чынам, атмасфера сапраўды спрыяе ўласнаму і прафесійнаму развіццю, на мой погляд гэта галоўная перавага працы ў SoftTeco.

Ці лічыш ты правільным, што многія сучасныя студэнты пачынаюць працаваць ужо на старэйшых курсах універсітэта?

Гэта сапраўды так, няма сэнсу губляць час і адкладаць працаўладкаванне на перыяд пасля ўніверсітэту. Практычны вопыт мае каштоўнасць не толькі сам па сабе, але ён таксама можа дапамагчы пры засваенні тэарэтычных ведаў. Безумоўна, на пачатковых курсах лепш засяродзіцца на ўніверсітэцкіх дысцыплінах, але бліжэй да выпуску трэба сур’ёзна задумацца над падпрацоўкай па спецыяльнасці.

Максім, вялікі дзякуй за інтерв’ю! Ці можаш ты напрыканцы даць пажаданні студэнтам БДУІР, каб яны маглі вабіць час ва ўніверсітэце з вялікай карысцю?

Я магу пажадаць імкнуцца авалодаць як мага больш практычнымі навыкамі праграмавання. Выдатны спосаб гэтага дасягнуць – паступова распрацоўваць уласны праект, з дапамогай якога вы атрымаеце каштоўны вопыт і дадатковыя веды. Нават калі гэтая праца не спатрэбіцца вам у якасці дыплома, выдаткаваны час ня пройдзе дарма і абавязкова стане выдатнай інвестыцыяй у прафесійную кар’еру.

Всю статью можно прочитать на kv.by

0 Комментариев

Комментариев пока нет

Оставьте комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.