Skip to content Skip to main navigation Skip to footer

Максiм Якушкiн. Накірунак .NET я не выбіраў, .NET абраў мяне

Максим Якушкин

Герой нашага новага артыкула – Максім Якушкін, .NET-распрацоўшчык. 5 гадоў таму, 1 верасня 2017 года, Максім прыйшоў у SoftTeco Team. Чытайце ў артыкуле аб прафесійным і творчым шляху Максіма.

Беларуская мова ў жыцці Максіма

– Прывітанне! Нашае iнтэрв’ю пройдзе на беларускай мове. Я адразу запытаюся, чаму ты вырашыў размаўляць па-беларуску? Раскажы пра сваю любоў да беларускай мовы.

Пакуль што я не цалкам перайшоў на беларускую мову. З калегамі на працы я размаўляю па-руску. Беларускую мову я выкарыстоўваю ў шырокім сэнсе толькі ў перапісцы. Затое з жонкай мы практычна заўсёды размаўляем па-беларуску.

У школе ў мяне была выдатная настаўніца, яна вельмі добра размаўляла на мове і вучыла нас. У яе было якаснае вымаўленне.

Потым ва ўніверсітэце ў мяне быў сябар, якi размаўляў па-беларуску, я пачаў размаўляць з iм. Атрымліваецца, першыя мае спробы пераходу на беларускую мову былі на 3 курсе, гэта значыць, што ў годзе 2010-2011.

Раней я яшчэ чытаў кнігі на беларускай мове, але зараз у асноўным чытаю на ангельскай мове.

Наогул у мяне былі спробы цалкам перайсці на беларускую мову ў штодзённасці, але гэта няпроста мне даецца. Таму зараз мая асноўная практыка мовы з жонкай.

Кар’ера

– Давай пагаворым аб тваёй кар’еры! Раскажы, з чаго ты пачынаў і як ты прыйшоў у SoftTeco.

Мяне заўсёды цікавілі дакладныя навукі. Яшчэ ў школе маім любімым прадметам была фізіка. Я сур’ёзна думаў паступаць на фізіка-матэматычную спецыяльнасць. На цэнтралізаваным тэсціраванні ў мяне атрымалася нядрэнная колькасць балаў. Я падумаў, што ўсё ж у IT-сферы ў мяне будзе больш магчымасцей, чым у фізіцы і навуцы.

Я падумаў, што ўсё ж у IT-сферы ў мяне будзе больш магчымасцей, чым у фізіцы і навуцы

У мяне было дастаткова балаў для паступлення на бюджэтную форму навучання ў БДУІР. І я вырашыў пайсці туды, а не ў БДУ на фізічны факультэт. У БДУІР я вучыўся з 2008 па 2013 год на факультэце камп’ютарных сістэм і сетак.

Накірунак .NET я не выбіраў, .NET абраў мяне. На 3 курсе навучання ў нас былі выдатныя выкладчыкі па гэтай тэхналогіі, яны цікава і якасна падавалі матэрыял. Я вырашыў развівацца ў гэтым напрамку. Свае лабараторныя працы па іншых прадметах мы маглі пісаць на любой вывучаемай мове праграмавання. Таму я ўсё пісаў на .NET.

Потым мяне чакала размеркаванне ў дзяржаўнай установе – Інстытут Прыкладных Праграмных Сістэм. Там пішуць на .NET замовы для дзяржаўных заказчыкаў, напрыклад, для Белпошты або Міністэрства сувязі. Нас у аддзеле было чалавек 20 разам з кіраўнікамі і QA-інжынерамі. Гэтая праца была карыснай з пункту гледжання агульнага развіцця, але не для прафесійнага роста. Яна таксама не прыносіла дастатковы фінансавы даход, не было вострай неабходнасці выкарыстоўваць ангельскую мову.

Мне вельмі спадабалася сяброўская і добразычлівая атмасфера ў кампаніі. І такой яна застаецца  па сённяшні дзень

Я адгукнуўся на вакансію ў SoftTeco, прыйшоў на сумоўе. Памятаю, я размаўляў з Янай Ключнікавай, а потым была гутарка з тэхнічным спецыялістам. Мне вельмі спадабалася сяброўская і добразычлівая атмасфера ў кампаніі. І такой яна застаецца  па сённяшні дзень, але на працягу маёй працы кампанія значна вырасла, і ўжо ведаць усіх проста немагчыма.

Рыбалка

– Пагаворым аб захапленнях. Дарэчы, ты захапляешся рыбалкай? Раскажы, як гэтае захапленне прыйшло ў тваё жыццё, што табе ў ім падабаецца?

Так, у апошнія некалькі гадоў я зноў цікаўлюся рыбалкай, пераважна спінінгавай лоўляй. Звычайна я езджу на рэкі і вадасховішчы, але далей за 100 км ад Мінска я, як правіла, не выбіраюся. Напрыклад, мне вельмі падабаецца мястэчка на Бярэзіне непадалёк ад Барысава.

Я не так люблю саму рыбалку, як яе атмасферу. Мне падабаецца быць на прыродзе, слухаць яе, адчуваць. Так, цікава, вядома, вылавіць нешта. Бо бывае, што сёння на гэтым месцы шмат рыбы, а заўтра ўжо няма.

Максiм Якушкiн
Максiм Якушкiн

Я пачынаў з вясковай рыбалкі. У дзяцінстве мы з маім дзядзькам хадзілі на рыбалку на невялічкае балотца непадалёк. Лавілі рыбу на паплавочную вуду, у асноўным карасёў. Зараз жа я больш цікаўлюся лоўляй драпежных рыб – акунёў і шчупакоў.

Вядома, з’есці трафейную рыбу таксама цікава. Мая жонка завіхацца з рачной рыбай і не любіць яе пах. Я гатую сам i стараюся рабiць рыбу так, каб яна была смачная. З задавальненнем раблю стравы, якія не займаюць шмат часу.

Падарожжы і фатаграфія

– Ты любіш падарожнічаць па Беларусі, у цябе нават ёсць свой паблік, прысвечаны фота і падарожжам. Падзяліся сваімі любімымі месцамі!

Доўгі час я захапляюся вандроўкамі і фатаграфаваннем прыроды і архітэктуры. Раней я здымаў на лічбавы фотаапарат, зараз часцей на тэлефон, бо ён заўсёды пад рукой. Для пейзажнай фатаграфіі ён цалкам падыйдзе, а вось у партрэтнай лепш за ўсё  выкарыстоўваць лічбавы фотаапарат.

Хачу, каб як мага больш людзей убачылі прыгожыя і цікавыя куткі Беларусі

У мяне ёсць свой паблік для фатаграфій і гісторый. Але больш за год ён не развіваецца. Трэба да гэтага вярнуцца! Хачу, каб як мага больш людзей убачылі прыгожыя і цікавыя куткі Беларусі.

У Беларусі вельмі шмат замкаў і ўвогуле прыгожых гістарычных мясцін, акрамя проста заварожваючай прыроды. 

Цікавыя мясціны ёсць на паўночным захадзе Беларусі. Многія з іх у Гродзенскай вобласці – Ашмянскі раён цалкам, Гервяты з іх неверагодным касцёлам, Смаргонь, Жодзішкі, Міхалішкі.

У раёне Браслава і Міёраў ёсць населеныя пункты Відзы і Сар’я. Там таксама можна ўбачыць фантастычныя архітэктурныя помнікі гісторыі, напрыклад, неагатычны храм. У саміх Міёрах шмат славутасцяў, рэкамендую наведаць!

Побач з Міёрамі ёсць знакамітыя беларускія балоты – Ельня. Іх я яшчэ не бачыў, але вельмі жадаю наведаць

Вельмі прыгожыя сядзібы размяшчаюцца ў населеных пунктах Жылічы і Чырвоны бераг. А калі вам цікавыя палацы, абавязкова наведайце Ружанскі палац Сапегаў, сядзібу Касцюшкаў і палац  у Косава.

Побач з Баранавічамі ёсць шмат цікавых мясцін, якія можна аб’ездзіць літаральна за дзень. Напрыклад, палац у Снове – у яго нельга патрапіць, але палюбавацца з боку заўсёды можна! Непадалёк адтуль ёсць вёска Флар’янава, там таксама ёсць даволі незвычайны палац. А побач – сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы. У тым жа раёне знаходзіцца вёска Ястрамбель, там знаходзіцца сядзіба, якая належала роду Катлубаяў. Ну і побач з Баранавічамі ёсць вёсачка Паўлінава, дзе можна пазірнуць на надзвычай цікавы архітэктурны помнік.

Калі вы хочаце вывучыць нейкі раён Беларусі, вам вельмі дапаможа гэты рэсурс:

https://globustut.by/area_pl_all.htm

Тут апісаныя населеныя пункты і іх славутасці, нават самыя незаўважныя.

Я таксама магу падзяліцца сваёй картай, якую на працягу некалькіх год я збіраю. На мапе адзначаны месцы, якія я сам планую наведаць, таму яна ўвесь час абнаўляецца. Буду рады, калі чытач інтэрв’ю знойдзе новыя любімыя месцы для падарожжаў!

https://goo.gl/maps/mDmWRFzfWuUEPWxW7

Прыемных і заліхвацкіх падарожжаў!

– Дзякуй, Максім! SoftTeco Team віншуе цябе з юбілеем працы ў кампаніі. Няхай тваё жыццё стане самым цікавым падарожжам!

0 Комментариев

Комментариев пока нет

Оставьте комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *